У мяне з маёй мамай настолькі адрозніваюцца харчовыя звычкі і падыход да гатоўкі, што калі я пачала жыць асобна, то ў меню з "мамінага" засталіся толькі макароны з соўсам. Соўс быў не надта хітры, у вашай сям'і можа таксама такі гатуюць - цыбуля/часнык/фарш/плаўлены сырок/таматная паста/вада/прыправы, але такі смачны, што мы з сястрой у дзяцінстве ледзь не біліся за права вылізаць патэльню кавалачкам хлеба :))
Так вось гэтая паста з брокалі і соўсам з кеш'ю мне вельмі нагадвае тыя макароны з сырным соўсам - атрымліваецца гэтак жа сама смачна і нават хочацца ўспомніць дзяцінства і пабіцца за астаткі на патэльні :))
Спатрэбіцца:
6 шклянак пакрышанай брокалі (прыкладна палова качана)
230 г пасты
1/2 шклянкі неабсмажанага кеш'ю
1 - 1 1/2 шклянкі вады
2 сталовыя лыжкі булёна з агародніны
6 зубкоў часныка
1 сталовая лыжка пасты місо
1/2 сталовай лыжкі харчовых дрожжаў (для сырнага смаку - 3-4 сталовыя лыжкі)
1/2 чайнай лыжкі тхіны
1/4 чайнай лыжкі папрыкі
соль і перац па смаку
Пасту варым, зліваем ваду і хуценька прамываем.
Брокалі варым на пару 5 хвілін. Яна павінна стаць ярка-зялёнай і пры гэтым застацца хрусткай.
У блэндэры змяльчаем кеш'ю з вадой да аднароднай кансістэнцыі.
На патэльні на сярэднім агні награваем булён з агародніны (можна проста ваду), пасіруем часнык, дадаем кеш'ю, пасту місо, дыетычныя дрожжы, тхіну і папрыку. Гатуем на сярэднім агні 7 хвілін, солім і перчым.
Раскладваем на талеркі пасту, зверху выкладваем брокалі і паліваем соўсам. Падаем гарачым :)
Я гатавала як заўжды - па рэцэпце, але з адхіленнямі :) Напрыклад, тхіны ў маіх кухонных запасах яшчэ няма (але планую дабыць), таму ў страве яе не было і нават нічым не замяняла. Хаця можна было б змалоць кунжута на кавамолцы. Ніхто з тых, каго частавала, не заўважыў, што чагосці не хапае )
Мяне крыху здзівіла ўказанне, колькі варыць пасты ў грамах - не ведаю, як ў каго дома як прынята, але ў нас колькасць пасты заўжды адмерваецца "на вока". Усё заўжды мераю шклянкамі/лыжкамі, але пасту - толькі так, і заўжды хвалююся, ці хопіць :))
Брокалі не абавязкова браць свежую - можна патушыць замарожаную.
Лайфхак па тым, як зэканоміць на арэхах - на рынках (прынамсі на Камароўцы - дакладна) прадаюць не толькі цэлыя арэхі кеш'ю, але і палавінкі, на якія цэннік стаіць значна меншы.
Што з гэтым рэцэптам не так, дык гэта наяўнасць экзатычных інгрыдыентаў ціпа пасты місо і харчовых дрожжаў. Місо я знайшла ў мясцовай інтэрнэт-краме прадуктаў для вегетарыянцаў, а вось харчовыя дрожжы мне давялося замаўляць на iherb.
Пасту місо я набывала пару месяцаў таму, калі пачала эксперыментаваць з тофу і хацела зварыць місо-суп (што праўда, дагэтуль яшчэ не зварыла), а пра харчовыя дрожжы ўвогуле даведалася толькі з гэтай кнігі. Гугл потым падказаў, што вегетарынцы ўсяго свету выкарыстоўваюць іх для таго, каб надаць стравам сырны смак - часцей за ўсё дадаюць да пасты, ў піццы, у розныя супы. Ну а паколькі мне такое ўсё цікава, то вырашыла паспрабаваць, што гэта такое
А пакуль на вашых кухнях наўрад ці водзяцца гэтыя самыя дрожжы і паста місо, то рэцэпт можна крыху падправіць і замяняць пасту місо на соевы соўс, а дрожжаў альбо зусім не дадаваць, альбо замяніць на 1/4 ці 1/2 плаўленага сырка (калі ўжываеце).
Доўга допіс пішацца, а страва гатуецца вельмі хутка, толькі што адразу на трох канфоках :)) Асабіста для мяне гэта не проста рэцэпт, а паратунак, калі трэба вельмі хутка зрабіць вячэру - на ўсё-пра ўсё не больш за 20 хвілін :)