Tuesday, 3 March 2015

Сэндвічы з памідорамі, базілікам і соўсам песта

Сённяшні рэцэпт будзе з разрада проста і эфектна, шкада толькі што не зусім"танна і сярдзіта":)

Пакуль гатавала і дэгуставала, гэтыя простыя сэндвічы сталі падавацца варыяцыяй на тэму беларускіх грэнак з часныком, італьянскай салаты капрэзэ і каталонскіх тостаў пантумака (тосты, намазаныя часныком і памідорам).



Спатрэбіцца (на 4 сэндвіча):

2 поўныя шклянкі свежага лісця базіліку
1/2 шклянкі кедровых арэхаў
3 дробна пакрышаныя зубчыкі часныку
1/3 шклянкі вады
8 кавалкаў цэльназернавога хлеба
2 вялікіх памідора, нарэзаных скрылькамі
марская соль і чорны перац 


Базілік з кедровымі арэхамі змяльчаем у камбайне, потым дадаем туды часнык і ўключаем камбайн яшчэ на крышачку. Пакуль камбайн працуе, трэба дадаць вады. Потым дадаем перац і соль па смаку.

Хлеб абсмажыць, намазаць на яго соўс песта і ўпрыгожыць скрыльком памідора. Смачна есці!


Як сказала Янон, яна ж  - малодшая сястра, я творча перапрацавала знешні выгляд сэндвічаў. Не столькі мне так захацелася, колькі ўмовы дыктаваў хлеб - замест тоставага цэльназернавога ў мяне быў ржаны дамашняй выпечкі. Такі хлеб мы ядзім даўно, але ніколі не спрабавалі зрабіць з яго грэнкі (як аказалася - вельмі нават дарма).

Калі рабіць з такога хлеба сэндвіч, то трэба вельмі шмат начыння для балансу, але паколькі начынне больш чым сціплае, то і мае сэндвічы ў выніку больш нагадваюць канапэ :) А яшчэ я забыла дадаць вады і ў мяне атрымаўся паштэт замест соўса. І ад сябе дадала бальзамічнага соўса - на маю думку ён тут вельмі пасуе і робіць сэндвічы яшчэ больш падобнымі на капрэзэ :)

Песта можа захоўваць да некалькіх дзён у лядоўні, таму неабавязкова ўсё з'ядаць у адзін прысест - такія сэндвічы можна рабіць і на сняданак, і каб хутка перакусіць у сярэдзіне дня. З іх атрымаецца добрая альтэрнатыва прывычным для вас бутэрбродам і закускам на святочным стале (напрыклад, каб замяніць любімыя памідоры-сыр-часнык-маянэз), ці калі ў госці завіталі сябры і хочацца пачаставаць іх чым-небудзь смачным.

No comments:

Post a Comment