Сёння ў нас у гасцях батончыкі з арахісавага масла. Шчыра кажучы, гэта першы рэцэпт стравы пад назвай "батончыкі", які трапіўся мне на вочы. Ніколі не чула, каб хтосці рабіў батончыкі. Батоны - ну няхай сабе, з крамы насілі, біточкі (самае падобнае па гучанні) хаця б у меню санаторыяў можна было пабачыць, а вось батончыкі.. Можа, вы рабілі батончыкі? Калі так. то раскажыце, якія :)
Так вось, батончыкі з арахісавага масла, якія па форме не такія ўжо і батончыкі. Я б іх хутчэй абазвала пірожнымі, хаця і на пірожныя яны не падобныя :)
Спатрэбіцца:
1 шклянка нізкатлушчавых крэкераў з мукі грубага памолу
1/4 шклянкі дробна пакрышаных грэцкіх арэхаў
1/2 шклянкі какосавай стружкі
1/3 шклянкі арахісавага масла
1/4 замяняльніка малака
1 шклянка стружкі з шакалада
і яшчэ 5 сталовых лыжак замяняльніка малака
Крэкеры драбім у куханным камбайне. У асобнай місцы змешваем грэцкія арэхі, какосавую стружку, арахісавае масла і дадаем у крэкеры.
Павольна дадаем замяняльнік малака і вымешваем "цеста", пакуль інгрыдыенты не пачнуць зліпацца. Замяняльніка малака можа спатрэбіцца больш, чым 1/4 шклянкі.
Раскладваем "цеста" у форму роўным слоем.
У рондлі на павольным агні раставліваем шакалад і 5 сталовых лыжак замяняльніка малака да аднароднай кансістэнцыі.
Намазваем растоплены шакалад на "цеста" і прыбіраем форму ў лядоўню на 1 гадзіну. Дастаем, рэжам на квадратныя кавалачкі і частуемся :)
Гэты ласунак зрабіць вельмі проста не гледзячы на незвыклае для нашых шырот арахісавае масла, таму што яго таксама лёгка можна зрабіць самім - вось рэцэпт (я ўжо неяк давала гэтую спасылку - сама некалькі разоў рабіла адзін у адзін, як напісана - усё атрымалася, і нават не трэба таго супер-моцнага блэндэра, звычайны braun таксама добра спраўляецца, думаю што і іншым блэндэрам такая задача будзе пад сілу).
Не ведаю, ці водзяцца ў нашых шыротак нізкажыравыя крэкеры з мукі грубага памола, але падаецца, што калі і можна знайсці, то як іголку ў сене. Таму я пайшла лянівым шляхам і ўзяла мульцізернавыя хлебцы - такія, у форме тых жа крэкераў, у нас прадаюцца амаль паўсюль.
Малако па традыцыі замяніла соевым парашковым, шакалад узяла без цукру - "Спартак" цяпер робіць шакалад для дыябетыкаў на ізамальце замест цукру, так і называецца "дыябетычны".
Я перажывала, ці атрымаецца патрэбная структура, ці не будзе таяць/ламацца, але ўсё выйшла як трэба :)
Атрымаўся шакаладна-арэхавы смашлёнік - слопалі і не заўважылі :) Аўтарка кнігі рэцэптаў просіць не гатаваць яго вельмі часта, бо гэта вельмі класны святочны ласунак. Не ведаю, як гэта пракаментаваць, але бадай што пагаджуся - робіцца адносна проста, але калі рабіць кожны тыдзень, то можа надакучыць (як і любая іншая страва).
Яшчэ гэты ласунак - прыўкрасны аб'ект для гульні "адгадай, з чаго гэта прыгатавана", якую я люблю і практыкую, бо досыць лёгка адгадваюцца ўсё інгрыдыенты за выключэннем хіба што крэкераў/хлебцаў. Праверана на свёкрах і дзеверы :)
No comments:
Post a Comment