Friday, 27 March 2015

Лепшы салат з брокалі

Сёння ў эфіры рэцэпт салата з сырой брокалі. Я брокалі люблю і часта раблю з яе гарнір, але каб яе можна было есці сырой, да нядаўняга часу нават не чула. А дарма! Таму што сырая брокалі - гэта смачна, незвычайна і вельмі эфектна!

Ілюструю на прыкладзе малодшай сястры :) Да нядаўняга часу Янон брокалі на дух не перанасіла, стала ўжываць можа з год таму, калі ў меню з'явіўся адзін соўс - з ім яна не толькі стала есці брокалі, а яшчэ і прасіла ледзьве не двайную дабаўку.

Калі я зрабіла гэты салат і частка засталася "на заўтра", то на наступны дзень зранку я атрымала ад Янон серыю смс. Цытую даслоўна з захаваннем арфаграфіі:

"Салат проста ФАНТАСТЫКА!"
"Я люблю брокалі!"
"Я выскокваю cса штанішак ад захаплення!" і апошняя, мая любімая :)
"Ты БАГІНЯ, дарагая"


Спатрэбіцца:

1 качан свежай брокалі
1/2 шклянкі сушаных журавінаў
1/4 шклянкі дробна пакрышанай чырвонай цыбулі
1/2 шклянкі дробна пакрышаных грэцкіх арэхаў

Для запраўкі:

2 сталовыя лыжкі сіропа агавы
3 сталовыя лыжкі рысавага воцату
3/4 шклянкі маянэза
марская соль па смаку


Брокалі рэжам на невялічкія кавалачкі. Змешваем у салатніку брокалі, цыбулю, арэхі і журавіны.



У асобнай місцы змешваем інгрыдыенты для запраўкі. Паліваем салат запраўкай, перамешваем і падаем на стол. Калі час дазваляе, можна паставіць у лядоўню гадзіны на дзьве.



Усё канешне проста, але зрабіць усё-усё дакладна па рэцэпце і нічога не памяняць у мяне нават тут не атрымалася :) Замест сіропа агавы выкарыстала мёд, і маянэзам у мяне быў постны маянэз з крамы, калі па рэцэпце паложана зрабіць самой на базе тофу. Рэцэпт пададзены ў гэтай жа кнізе, але я да яго яшчэ не дайшла. Ну і набыты пачак постнага маянэзу таксама ж трэба ўжыць :)

І яшчэ, калі рысавага воцату няма, а ёсць які бальзамічны, то думаю, што смела можна ўжываць яго.

Такая вось гісторыя пра салат з сырой брокалі. Цікава было б пачаставаць такім салатам таго, хто звычайную вараную/тушаную брокалі не надта паважае, і праверыць эффект. Дабраахвотнікі ёсць? Магу прапанаваць смашлёнік за смеласць :)




2 comments:

  1. Пакуль не прачытала, што сок агавы можна замяніць мёдам, не наважвалася ўзяць салат на зацемку :)

    ReplyDelete
    Replies
    1. :) Калі падумаць, то большасць прадуктаў можна чым-небудзь ды замяніць :)

      Толькі трэба бдзіць колькасць мёду - можа спатрэбіцца меней, калі ён вельмі салодкі.

      Delete