Tuesday, 31 March 2015

Паста з брокалі і соўсам з кеш'ю

Будзеце смяяцца, але сённяшні допіс таксама пра брокалі. Я не спецыяльна, яно само так атрымалася :)

У мяне з маёй мамай настолькі адрозніваюцца харчовыя звычкі і падыход да гатоўкі, што калі я пачала жыць асобна, то ў меню з "мамінага" засталіся толькі макароны з соўсам. Соўс быў не надта хітры, у вашай сям'і можа таксама такі гатуюць - цыбуля/часнык/фарш/плаўлены сырок/таматная паста/вада/прыправы, але такі смачны, што мы з сястрой у дзяцінстве ледзь не біліся за права вылізаць патэльню кавалачкам хлеба :))

Так вось гэтая паста з брокалі і соўсам з кеш'ю мне вельмі нагадвае тыя макароны з сырным соўсам - атрымліваецца гэтак жа сама смачна і нават хочацца ўспомніць дзяцінства і пабіцца за астаткі на патэльні :))


Спатрэбіцца:

6 шклянак пакрышанай брокалі (прыкладна палова качана)

230 г пасты
1/2 шклянкі неабсмажанага кеш'ю
1 - 1 1/2 шклянкі вады
2 сталовыя лыжкі булёна з агародніны
6 зубкоў часныка
1 сталовая лыжка пасты місо
1/2 сталовай лыжкі харчовых дрожжаў (для сырнага смаку - 3-4 сталовыя лыжкі)
1/2 чайнай лыжкі тхіны
1/4 чайнай лыжкі папрыкі
соль і перац па смаку


Пасту варым, зліваем ваду і хуценька прамываем.

Брокалі варым на пару 5 хвілін. Яна павінна стаць ярка-зялёнай і пры гэтым застацца хрусткай.

У блэндэры змяльчаем кеш'ю з вадой да аднароднай кансістэнцыі.

На патэльні на сярэднім агні награваем булён з агародніны (можна проста ваду), пасіруем часнык, дадаем кеш'ю, пасту місо, дыетычныя дрожжы, тхіну і папрыку. Гатуем на сярэднім агні 7 хвілін, солім і перчым.

Раскладваем на талеркі пасту, зверху выкладваем брокалі і паліваем соўсам. Падаем гарачым :)


Я гатавала як заўжды - па рэцэпце, але з адхіленнямі :) Напрыклад, тхіны ў маіх кухонных запасах яшчэ няма (але планую дабыць), таму ў страве яе не было і нават нічым не замяняла. Хаця можна было б змалоць кунжута на кавамолцы. Ніхто з тых, каго частавала, не заўважыў, што чагосці не хапае )

Мяне крыху здзівіла ўказанне, колькі варыць пасты ў грамах - не ведаю, як ў каго дома як прынята, але ў нас колькасць пасты заўжды адмерваецца "на вока". Усё заўжды мераю шклянкамі/лыжкамі, але пасту - толькі так, і заўжды хвалююся, ці хопіць :))

Брокалі не абавязкова браць свежую - можна патушыць замарожаную.

Лайфхак па тым, як зэканоміць на арэхах - на рынках (прынамсі на Камароўцы - дакладна) прадаюць не толькі цэлыя арэхі кеш'ю, але і палавінкі, на якія цэннік стаіць значна меншы.

Што з гэтым рэцэптам не так, дык гэта наяўнасць экзатычных інгрыдыентаў ціпа пасты місо і харчовых дрожжаў. Місо я знайшла ў мясцовай інтэрнэт-краме прадуктаў для вегетарыянцаў, а вось харчовыя дрожжы мне давялося замаўляць на iherb.

Пасту місо я набывала пару месяцаў таму, калі пачала эксперыментаваць з тофу і хацела зварыць місо-суп (што праўда, дагэтуль яшчэ не зварыла), а пра харчовыя дрожжы ўвогуле даведалася толькі з гэтай кнігі. Гугл потым падказаў, што вегетарынцы ўсяго свету выкарыстоўваюць іх для таго, каб надаць стравам сырны смак - часцей за ўсё дадаюць да пасты, ў піццы, у розныя супы. Ну а паколькі мне такое ўсё цікава, то вырашыла паспрабаваць, што гэта такое і набыла адразу цэлы кілаграм. Пакуль толькі дадавала ў гэты соўс, у супы і проста так макароны пасыпала - палёт нармальны, калі каму цікава, то рэкамендую :)

А пакуль на вашых кухнях наўрад ці водзяцца гэтыя самыя дрожжы і паста місо, то рэцэпт можна крыху падправіць і замяняць пасту місо на соевы соўс, а дрожжаў альбо зусім не дадаваць, альбо замяніць на 1/4 ці 1/2 плаўленага сырка (калі ўжываеце).

Доўга допіс пішацца, а страва гатуецца вельмі хутка, толькі што адразу на трох канфоках :)) Асабіста для мяне гэта не проста рэцэпт, а паратунак, калі трэба вельмі хутка зрабіць вячэру - на ўсё-пра ўсё не больш за 20 хвілін :)



Friday, 27 March 2015

Лепшы салат з брокалі

Сёння ў эфіры рэцэпт салата з сырой брокалі. Я брокалі люблю і часта раблю з яе гарнір, але каб яе можна было есці сырой, да нядаўняга часу нават не чула. А дарма! Таму што сырая брокалі - гэта смачна, незвычайна і вельмі эфектна!

Ілюструю на прыкладзе малодшай сястры :) Да нядаўняга часу Янон брокалі на дух не перанасіла, стала ўжываць можа з год таму, калі ў меню з'явіўся адзін соўс - з ім яна не толькі стала есці брокалі, а яшчэ і прасіла ледзьве не двайную дабаўку.

Калі я зрабіла гэты салат і частка засталася "на заўтра", то на наступны дзень зранку я атрымала ад Янон серыю смс. Цытую даслоўна з захаваннем арфаграфіі:

"Салат проста ФАНТАСТЫКА!"
"Я люблю брокалі!"
"Я выскокваю cса штанішак ад захаплення!" і апошняя, мая любімая :)
"Ты БАГІНЯ, дарагая"


Спатрэбіцца:

1 качан свежай брокалі
1/2 шклянкі сушаных журавінаў
1/4 шклянкі дробна пакрышанай чырвонай цыбулі
1/2 шклянкі дробна пакрышаных грэцкіх арэхаў

Для запраўкі:

2 сталовыя лыжкі сіропа агавы
3 сталовыя лыжкі рысавага воцату
3/4 шклянкі маянэза
марская соль па смаку


Брокалі рэжам на невялічкія кавалачкі. Змешваем у салатніку брокалі, цыбулю, арэхі і журавіны.



У асобнай місцы змешваем інгрыдыенты для запраўкі. Паліваем салат запраўкай, перамешваем і падаем на стол. Калі час дазваляе, можна паставіць у лядоўню гадзіны на дзьве.



Усё канешне проста, але зрабіць усё-усё дакладна па рэцэпце і нічога не памяняць у мяне нават тут не атрымалася :) Замест сіропа агавы выкарыстала мёд, і маянэзам у мяне быў постны маянэз з крамы, калі па рэцэпце паложана зрабіць самой на базе тофу. Рэцэпт пададзены ў гэтай жа кнізе, але я да яго яшчэ не дайшла. Ну і набыты пачак постнага маянэзу таксама ж трэба ўжыць :)

І яшчэ, калі рысавага воцату няма, а ёсць які бальзамічны, то думаю, што смела можна ўжываць яго.

Такая вось гісторыя пра салат з сырой брокалі. Цікава было б пачаставаць такім салатам таго, хто звычайную вараную/тушаную брокалі не надта паважае, і праверыць эффект. Дабраахвотнікі ёсць? Магу прапанаваць смашлёнік за смеласць :)




Monday, 23 March 2015

Батончыкі з арахісавага масла

Усім прывет! Я тут крыху адышла ад свайго абяцання гатаваць нешта новенькае кожны дзень - так склалася, што амаль тры тыдні карміла сям'ю стравамі па старых правераных рэцэптах. Але вось я і веганскі кулінарны блог зноў разам з вамі :)

Сёння ў нас у гасцях батончыкі з арахісавага масла. Шчыра кажучы, гэта першы рэцэпт стравы пад назвай "батончыкі", які трапіўся мне на вочы. Ніколі не чула, каб хтосці рабіў батончыкі. Батоны - ну няхай сабе, з крамы насілі, біточкі (самае падобнае па гучанні) хаця б у меню санаторыяў можна было пабачыць, а вось батончыкі.. Можа, вы рабілі батончыкі? Калі так. то раскажыце, якія :)

Так вось, батончыкі з арахісавага масла, якія па форме не такія ўжо і батончыкі. Я б іх хутчэй абазвала пірожнымі, хаця і на пірожныя яны не падобныя :)


Спатрэбіцца:

1 шклянка нізкатлушчавых крэкераў з мукі грубага памолу
1/4 шклянкі дробна пакрышаных грэцкіх арэхаў
1/2 шклянкі какосавай стружкі 
1/3 шклянкі арахісавага масла
1/4 замяняльніка малака
1 шклянка стружкі з шакалада
і яшчэ 5 сталовых лыжак замяняльніка малака



Крэкеры драбім у куханным камбайне. У асобнай місцы змешваем грэцкія арэхі, какосавую стружку, арахісавае масла і дадаем у крэкеры.

Павольна дадаем замяняльнік малака і вымешваем "цеста", пакуль інгрыдыенты не пачнуць зліпацца. Замяняльніка малака можа спатрэбіцца больш, чым 1/4 шклянкі.



Раскладваем "цеста" у форму роўным слоем.

У рондлі на павольным агні раставліваем шакалад і 5 сталовых лыжак замяняльніка малака да аднароднай кансістэнцыі.

Намазваем растоплены шакалад на "цеста" і прыбіраем форму ў лядоўню на 1 гадзіну. Дастаем, рэжам на квадратныя кавалачкі і частуемся :)



Гэты ласунак зрабіць вельмі проста не гледзячы на незвыклае для нашых шырот арахісавае масла, таму што яго таксама лёгка можна зрабіць самім - вось рэцэпт (я ўжо неяк давала гэтую спасылку - сама некалькі разоў рабіла адзін у адзін, як напісана - усё атрымалася, і нават не трэба таго супер-моцнага блэндэра, звычайны braun таксама добра спраўляецца, думаю што і іншым блэндэрам такая задача будзе пад сілу).

Не ведаю, ці водзяцца ў нашых шыротак нізкажыравыя крэкеры з мукі грубага памола, але падаецца, што калі і можна знайсці, то як іголку ў сене. Таму я пайшла лянівым шляхам і ўзяла мульцізернавыя хлебцы - такія, у форме тых жа крэкераў, у нас прадаюцца амаль паўсюль.

Малако па традыцыі замяніла соевым парашковым, шакалад узяла без цукру  - "Спартак" цяпер робіць шакалад для дыябетыкаў на ізамальце замест цукру, так і называецца "дыябетычны".

Я перажывала, ці атрымаецца патрэбная структура, ці не будзе таяць/ламацца, але ўсё выйшла як трэба :)


Атрымаўся шакаладна-арэхавы смашлёнік - слопалі і не заўважылі :) Аўтарка кнігі рэцэптаў просіць не гатаваць яго вельмі часта, бо гэта вельмі класны святочны ласунак. Не ведаю, як гэта пракаментаваць, але бадай што пагаджуся - робіцца адносна проста, але калі рабіць кожны тыдзень, то можа надакучыць (як і любая іншая страва).

Яшчэ гэты ласунак - прыўкрасны аб'ект для гульні "адгадай, з чаго гэта прыгатавана", якую я люблю і практыкую, бо досыць лёгка адгадваюцца ўсё інгрыдыенты за выключэннем хіба што крэкераў/хлебцаў. Праверана на свёкрах і дзеверы :)


Tuesday, 3 March 2015

Сэндвічы з памідорамі, базілікам і соўсам песта

Сённяшні рэцэпт будзе з разрада проста і эфектна, шкада толькі што не зусім"танна і сярдзіта":)

Пакуль гатавала і дэгуставала, гэтыя простыя сэндвічы сталі падавацца варыяцыяй на тэму беларускіх грэнак з часныком, італьянскай салаты капрэзэ і каталонскіх тостаў пантумака (тосты, намазаныя часныком і памідорам).



Спатрэбіцца (на 4 сэндвіча):

2 поўныя шклянкі свежага лісця базіліку
1/2 шклянкі кедровых арэхаў
3 дробна пакрышаныя зубчыкі часныку
1/3 шклянкі вады
8 кавалкаў цэльназернавога хлеба
2 вялікіх памідора, нарэзаных скрылькамі
марская соль і чорны перац 


Базілік з кедровымі арэхамі змяльчаем у камбайне, потым дадаем туды часнык і ўключаем камбайн яшчэ на крышачку. Пакуль камбайн працуе, трэба дадаць вады. Потым дадаем перац і соль па смаку.

Хлеб абсмажыць, намазаць на яго соўс песта і ўпрыгожыць скрыльком памідора. Смачна есці!


Як сказала Янон, яна ж  - малодшая сястра, я творча перапрацавала знешні выгляд сэндвічаў. Не столькі мне так захацелася, колькі ўмовы дыктаваў хлеб - замест тоставага цэльназернавога ў мяне быў ржаны дамашняй выпечкі. Такі хлеб мы ядзім даўно, але ніколі не спрабавалі зрабіць з яго грэнкі (як аказалася - вельмі нават дарма).

Калі рабіць з такога хлеба сэндвіч, то трэба вельмі шмат начыння для балансу, але паколькі начынне больш чым сціплае, то і мае сэндвічы ў выніку больш нагадваюць канапэ :) А яшчэ я забыла дадаць вады і ў мяне атрымаўся паштэт замест соўса. І ад сябе дадала бальзамічнага соўса - на маю думку ён тут вельмі пасуе і робіць сэндвічы яшчэ больш падобнымі на капрэзэ :)

Песта можа захоўваць да некалькіх дзён у лядоўні, таму неабавязкова ўсё з'ядаць у адзін прысест - такія сэндвічы можна рабіць і на сняданак, і каб хутка перакусіць у сярэдзіне дня. З іх атрымаецца добрая альтэрнатыва прывычным для вас бутэрбродам і закускам на святочным стале (напрыклад, каб замяніць любімыя памідоры-сыр-часнык-маянэз), ці калі ў госці завіталі сябры і хочацца пачаставаць іх чым-небудзь смачным.

Friday, 27 February 2015

Нут з масалой

Нут - яшчэ адзін з тых прадуктаў, пра які я да нядаўняга часу ведала толькі тое, што ён існуе ў прыродзе. А калі паспрабавала, то пашкадавала, што так доўга жыла ў няведанні. Пачала асвайваць з супоў-пюрэ, якія аказаліся вельмі смачнымі, а сёння ўзялася за другую страву - атрымалася нечакана араматна, крыху востра і вельмі прыгожага колеру :)


Спатрэбіцца (на 6-8 порцый):

2 сталовыя лыжкі булёна з агародніны
1 1/2 шклянкі дробна пакрышанай цыбуліны
2 сталовыя лыжкі дробна пакрышанага часныка
2 сталовыя лыжкі пакрышага свежага імберцу
1 сталовая лыжка куркумы
1 чайная лыжка карыандра
1 чайная лыжка молатага кмену
1/2 чайнай лыжкі гарам-масалы
2 шклянкі пакрышаных кубікамі памідораў
2 сталовыя лыжкі таматнай пасты
1/2 чайнай лыжкі кайенскага перцу
2 банкі (па 425 г) нута
3/4 шклянкі міндальнага малака
1/2 чайнай лыжкі лімоннага соку
4 шлянкі рыса для гарніра
марская соль па смаку



   У вялікай патэльні на сярэднім агні пасеруем цыбулю ў булёне з агародніны, памешваем, пакуль цыбуля не стане празрыстай. Дадаем часнык, імберац, куркуму, карыандр, кмен і гарам масалу. Памешваем і гатуем 2 хвіліны.

Дадаем кубікі памідораў, таматную пасту, соль і кайенскі перац, і гатуем яшчэ 3-4 хвіліны. Дадаем нут, міндальнае малако і лімонны сок. Накрываем накрыўкай і гатуем яшчэ 10 хвілін на маленькім агні.

Падаваць на стол рэкамедуюць на рысе.



Так павінна быць у тэорыі, у мяне ж па ўжо традыцыі ўсе "крыху не так" :) Па-першае, нута ў банках у нас знайсці як іголку ў сене, ды я і не аматар выкарыстоўваць нешта кансерававанае, калі можна ўзяць сырое і зварыць - тую ж фасоль, напрыклад. Таму нут таксама было вырашана ўзяць сухі і зварыць. Мне дапамог рондаль-скараварка, але калі па-простаму, то нут трэба замачыць на ноч, а потым варыць, больш чым звычайны гарох, але ўсё ж менш, чым фасоль :)

Па-другое, ўжо навучаная глядзець на колькасць порцый у рэцэпце, я ўсяго брала па палавіне, а сухоха нута - 1 шклянку.

Калі раптам няма якой спецыі - думаю, што гэта не крытычна. Па маіх уражаннях асноўную ролю граюць імберац, карыандр і кмен. Куркума дае колер, усё астатняе - вастрыню.

Ролю міндальнага малака выканала соевае парашковае, а гарнірам стала брокалі. Няхай ёсць кухні, у якіх гэта традыцыя мяшаць у адну страву рыс і бабовыя, але тут я дазваляю сабе адысці ад рэкамендацый і пайсці ўласным шляхам. Згодна з прынцыпамі раздзельнага харчавання бабовыя - асобна, крахмалістыя прадукты - асобна. Таму на гарнір - агародніна. Не ведаю, наколькі раўназначна такая замена ідэйна, але атрымалася дастаткова смачна, каб вынесці вердыкт "занесці ў спіс страваў для меню" :)

Ну што, ці атрымалася ў мяне натхніць вас на эксперыменты з нутам? :)

Thursday, 26 February 2015

Нямецкі суп з квашанай капусты

Ці любіце вы квашаную капусту так, як люблю яе я? А ці стаіць яшчэ ў лядоўні слоік з капустай? Калі так, то самы час рабіць з яе суп!



Спатрэбіцца:

2 цыбуліны пакрышаныя кубікамі
3 вялікія морквы, дробна пакрышаныя
3 палкі сельдэрэя, дробная пакрышаныя
4 шклянкі булёна з агародніны
2 шклянкі свежых грыбоў, парэзаных скрылькамі
2 шлянкі бульбы, парэзанай кубікамі
400 г квашанай капусты
2 сталовыя лыжкі белага воцата
2 чайныя лыжкі сушанага кропу
1 сталовая лыжка цукру/цукразамяняльніка
1/4 чайнай лыжкі чорнага перцу
марская соль па смаку


Гэта інгрыдынтаў шмат, але суп не страшны і гатуецца нават больш, чым проста.

У вялікі рондаль кладзем цыбулю, моркву і сельдэрэй. Дадаем паўшклянкі булёна і варым, пакуль цыбуля не стане празрыстай.

Дадаем усе астатнія інгрыдыенты і варым на маленькім агні, пакуль бульба не стане мяккай.

Ад сябе дадам, што замест булёна у мяне была вада. Грыбы і кроп былі замарожаныя. А яшчэ я зрабіла суп толькі з паловы інгрыдыентаў (нам на двох шмат не трэба, а то будзе рондаль супу на цэлы тыдзень) і мяне ўсё адно атрымалася палова пяцілітровага рондля. Сфатаграфаваць не атрымалася, таму што ад рондля ідзе пара :)

Так смачна пахне на ўсю кватэру, што яшчэ не з'еўшы супа ўжо хочацца яшчэ што-небудзь з квашанай капусты зрабіць. А раз зайшла гаворка пра нямецкую кухню, то лагічна было б прыгатаваць тады тушаную квашаную капусту. А то я альбо саму па сабе, альбо ў вінегрэце яе падаю, а ў лядоўні запасы ўсё не заканчваюцца - і мае, і мужавы бацькі квасяць капусту ў прамысловых маштабах :)

На суп канешне добра браць дробна пакрышаную капусту. А пішуць, што лепей квасіць капусту, парэзаную буйнымі кавалкамі - так больш вітамінаў і карысных рэчываў захоўваецца. А як вы квасіце капусту?



Wednesday, 25 February 2015

Простыя мафіны з гарбуза

Сёння зноў будуць мафіны. Простыя, прыгожыя і карысныя :)

У мяне з гарбузом адносіны складаныя. Дома бацькі ніколі не гатавалі, потым амаль што не давадзілася, калі раптам атрымлівалася пакаштаваць - то не падабаўся. Адно што апошні год тата робіць печыва з удзелам гарбуза (проста хіт!) і неяк падвярнуўся ўдалы рэцэпт гарбузовых аладак. Таму я асабіста вельмі спадзяюся, што гэтыя мафіны стануць яшчэ адной прыступкай у справе ўмацавання маёй сімпатыі да гарбуза)


Спатрэбіцца (на 12 штук):

2 шклянкі цэльназернавой мукі
1/2 шклянкі цукра/цуразамяняльніка/мёду ці 1/4 чайнай лыжкі стэвіазіда
1 чайная лыжка разрыхліцеля
1 чайная лыжка соды
1 чайная лыжка карыцы
1/2 чайнай лыжкі молатага імберца
1/2 чайнай лыжкі мускатнага арэха
1/2 чайнай лыжкі духмянага перцу
1/4 чайнай лыжкі солі
230 г кансераванага гарбуза
1/2 шклянкі вады
1/3 шклянкі яблычнага пюрэ
1/2 шклянкі пакрышаных арэхаў пекан



Разаграваем духоўку да 190 градусаў.

У місцы змешваем муку, цукар, разрыхліцель, соду і спецыі. Дадаем гарбуз, ваду, яблычнае пюрэ, арэхі і перамешваем.



Накладваем цеста ў формачкі да краёў і выпякаем 25-30 хвілін.



Гатоўнасць правяраем так: націскаем пальцам на мафін, і калі не засталося ямачкі - мафіны гатовыя!


Пішуць, што захоўваць трэба ў герметычнай тары і ў лядоўні. І што яшчэ можна замарозіць. Хачу паспрабаваць некалькі штук замарозіць - цікава, як будуць адрознівацца ад свежых пасля размарозкі. 

Я рабіла ўсе амаль так, як сказана. За выключэннем таго, што замест пеканаў узяла грэцкія арэхі - пеканы ў нас не так каб надта былі распаўсюджаныя, скажам так. Але калі раптам знайду - то абавязкова зраблю яшчэ раз, а то цікава, якая будзе розніца.

Яшчэ ў доме скончыліся яблыкі. Але тое не бяда, па тым, колькі таго яблычнага пюрэ трэба і тым, што ў рэцэпце не пазначаны замяняльнік яек, я зрабіла выснову, што тут гэтае яблычнае пюрэ выкарыстоўваецца акурат на замену яйкам. Таму з палажэння я выходзіла, дадаўшы ў цеста 1 сталовую лыжку льняной мукі і 3 сталовыя лыжкі вады (папярэдне змяшаўшы).

Буду ўдзячная, калі хто падкажа, дзе ў Менску прадаецца кансерваваны гарбуз. Альбо гэта і праўда рэдкі звер, альбо я проста мала крамаў аббегала. Але на маё шчасце ў доме быў звычайны гарбуз. Каб зрабіць нешта падобнае на кансерваны хаця б па кансістэнцыі, я той гарбуз зварыла на пару і потым размяла відэльцам.

Адзінае, што цеста ў мяне выйшла напэўна надстаткова вадкім. таму мафіны такія, так бы мовіць, скульптурныя выйшлі. Крышачку больш вады  - і было б ўсё супер гуд.

Дэгустацыя прызначана на заўтрашні ранак, як толькі - адразу ў допісе будзе апдэйт :)


А вы што гатуеце з гарбуза? І якая страва вам падабаецца найбольш?