Wednesday, 25 February 2015

Простыя мафіны з гарбуза

Сёння зноў будуць мафіны. Простыя, прыгожыя і карысныя :)

У мяне з гарбузом адносіны складаныя. Дома бацькі ніколі не гатавалі, потым амаль што не давадзілася, калі раптам атрымлівалася пакаштаваць - то не падабаўся. Адно што апошні год тата робіць печыва з удзелам гарбуза (проста хіт!) і неяк падвярнуўся ўдалы рэцэпт гарбузовых аладак. Таму я асабіста вельмі спадзяюся, што гэтыя мафіны стануць яшчэ адной прыступкай у справе ўмацавання маёй сімпатыі да гарбуза)


Спатрэбіцца (на 12 штук):

2 шклянкі цэльназернавой мукі
1/2 шклянкі цукра/цуразамяняльніка/мёду ці 1/4 чайнай лыжкі стэвіазіда
1 чайная лыжка разрыхліцеля
1 чайная лыжка соды
1 чайная лыжка карыцы
1/2 чайнай лыжкі молатага імберца
1/2 чайнай лыжкі мускатнага арэха
1/2 чайнай лыжкі духмянага перцу
1/4 чайнай лыжкі солі
230 г кансераванага гарбуза
1/2 шклянкі вады
1/3 шклянкі яблычнага пюрэ
1/2 шклянкі пакрышаных арэхаў пекан



Разаграваем духоўку да 190 градусаў.

У місцы змешваем муку, цукар, разрыхліцель, соду і спецыі. Дадаем гарбуз, ваду, яблычнае пюрэ, арэхі і перамешваем.



Накладваем цеста ў формачкі да краёў і выпякаем 25-30 хвілін.



Гатоўнасць правяраем так: націскаем пальцам на мафін, і калі не засталося ямачкі - мафіны гатовыя!


Пішуць, што захоўваць трэба ў герметычнай тары і ў лядоўні. І што яшчэ можна замарозіць. Хачу паспрабаваць некалькі штук замарозіць - цікава, як будуць адрознівацца ад свежых пасля размарозкі. 

Я рабіла ўсе амаль так, як сказана. За выключэннем таго, што замест пеканаў узяла грэцкія арэхі - пеканы ў нас не так каб надта былі распаўсюджаныя, скажам так. Але калі раптам знайду - то абавязкова зраблю яшчэ раз, а то цікава, якая будзе розніца.

Яшчэ ў доме скончыліся яблыкі. Але тое не бяда, па тым, колькі таго яблычнага пюрэ трэба і тым, што ў рэцэпце не пазначаны замяняльнік яек, я зрабіла выснову, што тут гэтае яблычнае пюрэ выкарыстоўваецца акурат на замену яйкам. Таму з палажэння я выходзіла, дадаўшы ў цеста 1 сталовую лыжку льняной мукі і 3 сталовыя лыжкі вады (папярэдне змяшаўшы).

Буду ўдзячная, калі хто падкажа, дзе ў Менску прадаецца кансерваваны гарбуз. Альбо гэта і праўда рэдкі звер, альбо я проста мала крамаў аббегала. Але на маё шчасце ў доме быў звычайны гарбуз. Каб зрабіць нешта падобнае на кансерваны хаця б па кансістэнцыі, я той гарбуз зварыла на пару і потым размяла відэльцам.

Адзінае, што цеста ў мяне выйшла напэўна надстаткова вадкім. таму мафіны такія, так бы мовіць, скульптурныя выйшлі. Крышачку больш вады  - і было б ўсё супер гуд.

Дэгустацыя прызначана на заўтрашні ранак, як толькі - адразу ў допісе будзе апдэйт :)


А вы што гатуеце з гарбуза? І якая страва вам падабаецца найбольш?

No comments:

Post a Comment