Saturday, 21 February 2015

Рыс з какосам і кары / Coconut Curry Rice

Я мала ведаю пра кухні народаў свету і мне хацелася б глыбей пазнаёміцца з прадметам. Так вось сёння гатавала і думала - а да якой кухні можа было б аднесці рыс з какосам і кары? Спалучэнне рыса з фасоляй адсылае (як па мне) да якой паўднёвамерыканскай кухні, а выкарыстанне какосавага малака - намякае на ўсход. Так што пакуль запісала ў "інтэрнацыяльныя" :) Рэцэпт парадаваў як даступнасцю і незамудронасцю інгрыдыентаў, так і памерам порцыі і ўніверсальнасцю - адной гэтай стравай можа і вялікую сям'ю, і (не)чакананых гасцей накарміць.



Спатрэбіцца:

2 сталовыя лыжкі булёна з агародніны (ці вады)
1 дробна пакрышаная цыбуля
1 балгарскі перац, пакрышаны кубікамі
2 сталовыя лыжкі дробна пакрышанага часныка
2 чайныя лыжкі молатага кмену
1 чайная лыжка кары
2 банкі (425 г) фасолі пінта
4 шклянкі вады
1 банка (380 г) какосавага малака
170 г свежага альбо 1 пакет замарожанага шпіната
2 шклянкі рыса
марская соль па смаку

У вялікім рондлі награваецца булён і варыцца цыбуля, часнык і перац, пакуль агародніна не стане мяккай. Потым дадаюцца кмен і фасоля.

Потым у рондаль дадаюцца какосавае малако, шпінат (калі бярэцца замарожаны, то трэба размарозіць і зліць ваду), кары і рыс. Давесці да кіпення і варыць 35-40 хвілін, пакуль не зварыцца рыс. Пасаліць і падаваць гарачым.



Не ведаю, які рыс выкарыстоўвала аўтарка кнігі, але я ўзяла буры нешліфаваны (нерафінаванасць, клятчатка і ўсё такое). Шпінат не размарожвала, так пласціну-ледышку ў рондаль і кінула, толькі што наліла менш вады.І кмену лішняга нсыпала - па няўважлівасці ўзяла 2 сталовыя лыжкі замест чайных. Але на вынік гэта, здаецца, не паўплывала :)



Не паспела я прыгатаваць гэтую страву сёння на абед і накрыць на стол, як у госці завіталі бацькі. Мама ў нас такія стравы-мяшанкі не прызнае, а вось тата (яшчэ той любіцель кухонных эксперыментаў) з парога зацаніў арамат, а потым і смак стравы. А гэта такая гарантыя якасці, якой можна і пахваліцца :) Так што рэкамендую - інгрыдыенты простыя і даступныя (какосавае малако зараз дакладна ў кожным супермаркеце прадаецца), гатаваць нескладана і эфект wow забяспечаны :)

No comments:

Post a Comment