Thursday, 12 February 2015

Пра пачатак

Мне было 6 гадоў, калі мама абвесціла, што "з сённяшняга дня мы не дадаем цукар у гарбату". Так пачаўся мой шлях да правільнага харчавання.

На наступны ўзровень я перайшла пасля таго, як тата трапіў у лякарню з нейкай страўнікавай хваробай - потым шмат год мы з сястрой шчыра ненавідзелі ранішнюю аўсянку на вадзе, без солі і без цукра. Калі гэта пачалося, мне было год 12. Цяпер я абажаю ранішнюю аўсянку і не ўяўляю свайго жыцця без яе :)

Потым пачаліся адмовы ад белага хлеба, смажанай бульбы і падобных "шкодных" прадуктаў падчас маёй падлеткавай мадэльнай кар'еры. Тады ж быў адзін эпізод сядзення на дыеце, калі я цэлы тыдзень харчавалася адной прасяной кашай, зваранай на вадзе і зноў-такі без цукра і без солі. Трэба сказаць, што жаданага эффекту не здарылася. І тады ж я зразумела марнасць такіх кораткатэрміновых і стрэсавых дыет.

Маё тагачаснае меню можна ахарактэрызаваць як простая дамашняя кухня, без смажанага на вялікай колькасці алея, без хатніх пірагоў, фастфуда і паўфабрыкатаў.

Некалькі год таму я стала цікавіцца раздзельным харчаваннем, як найлепш спалучаць прадукты, каб яны лепей засвойваліся. З таго часу гарнірам для мясных і рыбных страваў стала агародніна і грэчка. І ў мэню дадалося больш свежай агародніны ў выглядзе салатаў. Яшчэ я стала абмяжоўваць ужыванне цукра (замяніла яго на стэвіазід) і муку вышэйшага сорта пачала выцясняць цэльнамолатая мука.

Потым я чытала ўсё больш літаратуры на прадмет правільнага харчавання, Апошняй кропляй для таго, каб чарговы раз нешта памяняць у харчаванні стала кніга "Кітайскай даследванне" і неабходнасць больш пільна кантраляваць даўняе аўтаімуннае захворванне. Таму чатыры месяцы таму пасля кансультацыі з доктарам было вырашана выкрэсліць з мэню прадукты жывёльнага паходжання.

У гэты момант я зразумела, што я амаль не ведаю, што можна прыгатаваць без мяса, яек, малака і тварага. Я некалькі месяцаў шукала інфармацыю аб тым, як адаптаваць прывычныя стравы да маіх сённяшніх патрабаванняў, і збірала новыя рэцэпты з розных крыніц.

Яшчэ я набыла кнігу рэцэптаў па матывах "Кітайскага даследвання" і цяпер збіраюся на яе падставе абнавіць сваё меню. Для гэтага я і буду весці гэты новы блог. Кожны дзень буду рабіць запіс пра новую страву, як я яе гатавала, дзе брала якія складнікі і што з гэтага выйшла. Гэта будуць рэцэпты з гэтай кулінарнай кнігі і розных інтэрнэт-крыніц.

У першую чаргу я раблю гэты блог для сябе і для сваёй сям'і - каб зрабіць разнастайнае і збалансаванае меню. Але я спадзяюся, што мае спробы і пошукі будуць цікавыя і іншым - тым, хто не ўжывае мяса і малочных прадуктаў, тым, хто трымае пост, і тым, хто проста хоча пашырыць свае кулінарна-харчовыя гарызонты.

Пачну з панядзелка!

Буду рада каментарам, прапановам і канструктыўнай крытыцы :)


1 comment:

  1. отлично)
    потираю ручки в предвкушении поучительных рассказов)

    ReplyDelete