Sunday, 22 February 2015

Торт з ананасам і вішняй

Спачатку торт на нядзелю задумваўся для таго, каб адзначыць тыдзень гэтага блога. Потым па планах вызвалілася палова нядзелі і на гэты час адразу было запісана "сабраць хаця б адну тумбу" (тыдні тры таму мы набылі корпусную сценку, якую трэба збіраць самастойна - такое сабе лега для дарослых) і я падумала, што гэта падзея таксама варта таго, каб адзначыць яе тартом.

Але на фінішным этапе акаалася. што адна з дэталяў, якія ідуць у справу апошнімі, бракаваная. І толькі бліжэй да вечара да мяне дайшло, што заўтра 23 чысло і што напэўна гэта будзе лепшай нагодай для торта. Тым больш што есці яго ўсё адно атрымаецца ўжо толькі заўтра :)


Спатрэбіцца:

1 банка (425 г) ананасаў
1 банка (450 г) вішні (можна браць замарожаную і не размаражваць, а класці так)
1/2 шклянкі цукру/ або мёду
1/2 шклянкі какосавай стружкі
1 1/2 шклянкі цэльназернавой мукі
1/2 шклянкі сіропа агавы
пюрэ з 1 банана



Праграваем духоўку да 180 па Цэльсію.

Змешваем ананасы, вішню, какосавую стружку і цукар (ці яго замяняльнік) і выкладваем сумесь у форму для выпечкі.



У асобнай місцы змешваем бананавае пюрэ, муку і сіроп агавы да рассыпчтага стану і выкладваем на фрукты. Выпякаем 30-35 хвілін.

Альбо гэта дзень такі, альбо так абставіны склалаліся, што ў мяне ўсё выходзіць з касякамі. І гэты торт не выключэнне. Шчыра кажучы, я не ведаю, чаму гэты дэсерт назвалі тортам - я пыталася ў гугла, і ён адказваў, што ёсць і іншыя падобныя дэсерты, з вішняй, ананасам і цестам зверху, якія завуцца тортамі. Ну і ладна.

Касяк выйшаў - замест крошкі ў мяне атрымалася гладкае цеста. Рабіць ужо не было чаго, таму я рукамі расплюшчыла цеста ў ляпёшкі і накрыла ім фрукты.

Адпаведна тое, што я дастала з духоўкі, крыху адрознівалася ад таго, на што яно павінна было быць падобным. Шкада, што ў кнізе не расказваюць, як гэты торт падаваць, таму што адрэзаць кавалачак і перакласці яго з формы на талерку  - тая яшчэ задача. За адзін раз не перанясеш - усё развальваецца.


Не гледзячы на позні час, я ўсё ж кавалачак паспрабавала - смачна! Але форма мяне бянтэжыць. Я б з такой начынкай лепей зрабіла альбо які закрыты пірог, альбо што-небудзь падобнае штрудзель. З гэтым жа самым цестам. Ці можна выпякаць у парцыонных формах і ў іх жа потым падаваць - тады можна нічога не прыдумляць. Які прастор для творчасці, аднак :) Далучайцеся!

UPD. Раніцой торт вырашыў паводзіцца лепей і пры нарэзцы і падачы ўжо не развальваўся. Так што новыя формы для яго я пакуль шукаць напэўна не буду :)

No comments:

Post a Comment