Я ўжо паспела тут напісаць пра сваё стаўленне да аўсянкі. Калі коратка - то першыя дзесяць гадоў яна мне ішла тугавата, затое зараз - любімы сняданак. :)
Апошнім часам часта чую ад сяброў песню на тэму "вось бы толькі цяпер палюбіць аўсянку". Ніяк не зразумею, як тое, чым кормішся пад прымусам (нават калі толькі сам сябе прымушаеш) можа калі-небудзь спадабацца.
Калі аўсянку няма чым замяніць, то прапаноўваю проста па-іншаму яе гатаваць. Я ўпэўнена, што кожны можа знайсці той самы адзін падыходзячы яму спосаб :)
Для эксперыментаў прапаную рэцэпт пад назвай "бабульчына аўсянка" - вось бы ведаць, што ў ёй такога бабульчынага :)
Спатрэбіцца (на 3 порцыі):
2 шклянкі вады
1 шклянка аўсяных хлоп'яў
1/2 шклянкі разынак
1/2 шклянкі чарніц
1-2 ківі пакрышаных кубікамі
1/2 шклянкі трускалак (альбо бананаў, альбо персікі, альбо якія іншыя ягады ці фрукты)
2 чайныя лыжкі кленовага сіропу
насенне льна
карыца
дробна пакрышаныя грэцкія арэхі
Варым аўсянку разам з разынкамі ў вадзе, даведзенай да кіпення.
У талерку насыпаем чарніцы (ці якія іншыя ягады/фрукты) і паліваем адной лыжкай кленовага сіропу. Наверх наліваем аўсянку, кладзем трускалкі і ківі, пасыпаем карыцай, арэхамі і насеннем льна, паліваем другой лыжкай кленовага сіропу.
Усё! Сняданак на стале :)
Я не стала рабіць усё як у рэцэпце хаця б таму, што бутэльку з кленовым сіропам я так і не змагла дагэтуль адкрыць, а на трускалкі ў нашых шыротах яшчэ не сезон.
Таму замест чарніц быў пакрышаны банан, замест сіропу - мёд, а аўсянку я нават і не думала варыць. І вам не раю - заліваеце хлоп'я кіпнем на 5 хвілін і ўсё. Яшчэ можна звечара заліваць проста халоднай вадой.
І ўвогуле геркулес лепей за звычайныя хлоп'я. Калі каму пры слове "аўсянка" успамінаецца гомельская "Экстра №3", то раю паспрабаваць хлоп'я вытворчасці смаргонскага камбінату.
А які ў вас любімы сняданак?
No comments:
Post a Comment