Monday, 23 February 2015

Грэчаская салата з тофу і грэцкімі арэхамі

Грэчаская салата ў маёй сям'і ў фаворы напэўна апошнія гадоў восем. Прычым усе гэтыя гады мы гатавалі як па нейкім сваім рэцэпце - тата неяк пакрышыў, так яно і павялося. То бок ад грэчаскай у той салаце была хіба што назва, ну і можа агульнае ўражанне - агародніна там, масліны пакрышаныя.

Так што калі тым летам мяне занесла на адзін грэчаскі востраў, то ва ўсіх кафэ, дзе мне давялося харчавацца, я нязменна замаўляла грэчаскую салату - колькі б ні было спакусаў разнастаіць меню, метадычна вывучала, як тую салату робяць і падаюць у розных месцах.

Зборны рэцэпт выглядае так: паўміскі памідор, пакрышаны кружочкамі агурок, пакрышаны саломкай балгарскі перац (зусім крышачку, чыста для віду), фета. Ну і галоўнае (на маю думку): чырвоная цыбуля, масліны каламата (усяго штукі 4-6 на порцыю), прыправа (ёсць некалькі сумесяў, але асноўны інгрыдыент у іх - арэгана) і алей. Папраўце, калі што не так - выбарка ў мяне ўсё ж была малатавая :)

Ужо паўгады раблю гэтую салату па такім рэцэпце. А ў кнізе  - мадыфікаваны рэцэпт. Ну як тут не паспрабаваць? Ну хаця б з чыста спартовага інтарэсу :)


Спатрэбіцца:

для салата

6 шклянак зялёнай салаты
1 чырвоная цыбуля, пакрышаная кубікамі
1 чырвоны балгарскі перац, пакрышаны саломкай
1/2 шлянкі памідораў
1 буйны агурок, пакрышаны кружкамі
1/4 шклянкі пакрышаных маслін
1/4-1/2 шклянкі кедровых ці грэцкіх арэхаў




для запраўкі

1/2 упакоўкі тофу
1/2 шклянкі чырвонага віннага воцату
2 чайныя лыжкі лімоннага соку
1/2 чайнай лыжкі солі
1 чайная лыжка арэгана
1 чайная лыжка цім'яна
1/4 чайнай лыжкі чорнага перцу




Змешваем усю агародніну ў місцы.



Робім запраўку - размінаем відэльцам тофу, дадаем астатнія інгрыдыенты і пакідаем марынавацца на гадзіну.



Як прыйдзе час - запраўляем салат, перамешаем і падаем на стол :)


Я зрабіла ўсё па рэцэпце (арэхі ўзяла грэцкія). Дазволіла толькі адзін крок убок - белы вінны воцат замест чырвонага. Запраўка цікавая тым, як яна адначасова замяняе і фету і аліўкавы алей. Чаго не зразумела, дык навошта тут арэхі. Як па мне - дык лішнія.

Карацей, што скажу - як эксперымент цікава, салата смачная, але я б яе грэчаскай не называла. А то калі назаву, то ў меню не прыжывецца :))

No comments:

Post a Comment